Кнігу з серыі БДУ “Памяць і слава” (Memoria et Gloria), прысвечаную 95-годдзю з дня нараджэння беларускага даследчыка, публіцыста, кандыдата гістарычных навук, доктара філалагічных навук, прафесара Барыса Васільевіча Стральцова прэзентавалі на факультэце журналістыкі БДУ 28 кастрычніка. Падчас сустрэчы сваімі ўспамінамі пра Барыса Васільевіча  падзяліліся яго калегі і вучні.

 

IMG 1298

Кніга выйшла ў Выдавецкім цэнтры БДУ да 100-годдзя ўніверсітэта тыражом 50 экзэмпляраў, аб’ём 239 старонак. Прысвечана навуковай, даследчыцкай і публіцыстычная дзейнасці прафесара Б. В. Стральцова ўтрымлівае выбраныя творы, напісаныя ў розныя гады, якія адлюстроўваюць яго ўклад у журналістыку. Таксама прыведзены спіс публікацый, што знаёмяць з жыццём і дзейнасцю даследчыка, яго журналісцкай спадчынай. Асобным раздзелам прадстаўлены ўспаміны калег і вучняў Барыса Васільевіча.

IMG 1311

З прывітальным словам да прысутных звярнулася дэкан факультэта журналістыкі Вольга Міхайлаўна Самусевіч. Яна нагадала, што Барыс Васільевіч Стральцоў – гэта чалавек-легенда, вельмі значная для беларускай журналістыкі і навукі асоба. Ён з’яўляецца адным са стваральнікаў беларускай школы журналістыкі, у прыватнасці тэорыі жанраў і метадалогіі журналісцкай дзейнасці.

IMG 1304

 – Маральныя каштоўнасці, што абараняў Б. В. Стральцоў у журналістыцы, студэнцкім асяроддзі, адлюстраваныя ў кандыдацкім даследаванні, шматлікіх вучэбных дапаможніках і навуковых артыкулах, актуальныя і сёння, – зазначыў прафесар кафедры медыялогіі Васіль Пятровіч Вараб’ёў.

IMG 1323

Прафесар кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі Алег Георгіевіч Слука лічыць Барыса Васільевіча Стральцова стваральнай асобай і сапраўдным прафесіяналам, сталпом беларускай навукі.

IMG 1325

Знакаміты беларускі нарысіст Леанід Сямёнавіч Екель, былы студэнт Б. В. Стральцова, акцэнтаваў увагу на тым, што кожнае слова Барыса Васільевіча на лекцыях западала, “яго глыталі як кісларод”. “Ён быў чалавекам з народа, блізкім. Гэта быў вялікі настаўнік”, – рэзюмаваў Л. Екель.

IMG 1332Успамінамі пра гады сумеснай працы з прафесарам Б. В. Стральцовым падзяліліся дацэнт кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі Аляксандр Канстанцінавіч Свораб і выпускнік журфака, заснавальнік Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва Алег Вячаслававіч Марозаў.

– Наша з ім спрэчка, што больш важна – тэлебачанне ці газета – працягваецца і зараз, – сказаў А. Марозаў.

IMG 1313

IMG 1314

З цеплынёй і ўдзячнасцю пра слыннага вучонага распавяла загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Людміла Пятроўна Саянкова-Мяльніцкая: “Барыс Васільевіч быў творчым чалавекам, адкрытым, справядлівым. Нават пасіянарнай асобай, тым, хто сваімі дзеяннямі развіваў жыццё, рабіў яго лепшым. Не кожнаму з нас дадзена так раскрыцца і любіць усё ў жыцці, як гэта ўдавалася Барысу Васільевічу”.

IMG 1306

На прэзентацыі кнігі прысутнічала ўнучка Б. Стральцова Ірына Лапікава. Яна падзячыла прысутных за захоўванне памяці дзядулі і цёплае, шчырае стаўленне да Барыса Васільевіча.

Lapina

Падсумоўваючы мерапрыемства складальнік кнігі, загадчык кафедры медыялогіі Наталля Аляксандраўна Фядотова сказала: “Мы не заўсёды паспяем сказаць сваім настаўнікам важныя словы. І гэта кніга стала магчымасцю выразіць любоў, памяць і падзяку Барысу Васільевічу за ўсё тое, што ён зрабіў для сваіх вучняў, калег і беларускай журналістыцы”.

IMG 1295

У рэдакцыйную калегію ўвайшлі дэкан факультэта Вольга Самусевіч, загадчык кафедры медыялогіі Наталля Фядотава і прафесар кафедры медыялогіі Васіль Вараб’ёў. Азнаёміцца з выданне можна ў медыятэцы на Кальварыйскай, 9. Лічбавая версія ў хуткім часе з’явіцца у Электроннай бібліятэцы БДУ. Акрамя таго, набыць кнігу можна будзе ў краме «Унiверсiтэцкая кнiга» (пр. Незалежнасці, 4). Прэзентацыя кнігі падрыхтавана кафедрай медыялогіі.

IMG 1297