Да знамянальнай падзеі – 75-годдзя Перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне – у БДУ выдадзены дапаможнік «Беларуская журналістыка ў гады Другой сусветнай вайны (1939–1945 гг.)». Аўтары – дацэнт кафедры перыядычнага друку i вэб-журналiстыкi факультэта журналiстыкi Пётр Леанiдавiч Дарашчонак i дацэнт кафедры мiжнароднай журналiстыкi факультэта журналiстыкi Алена Iванаўна Конанава. Аб’ём дапаможніка – 200 старонак. Акрамя тэкставага матэрыялу у дадатку змешчана больш за 150 ілюстрацый.

 

«Адна з галоўных мэтаў гэтага дапаможніка – зрабіць свой унёсак у выпрацоўку сучасных падыходаў да гісторыі Другой сусветнай вайны, паказаць аб’ектыўную карціну ідэйнай барацьбы падпольных і партызанскіх выданняў з газетамі і часопісамі калабарацыяністаў, разгледзець малавядомыя выданні ваеннага часу і іх публікацыі – важныя дакументальныя сведчанні падзей мінулага» – адзначыў дацэнт Пётр Дарашчонак.

 

Dorcover

 

У дадатку выкарыстаны невядомыя і малавядомыя выданні, якія не трапілі ў сваёй большасці ў ранейшыя факсімільныя выпускі і падборкі, у тым ліку газеты і часопісы Заходняй Еўропы, ЗША і іншых краін свету, дзе асвятляліся падзеі пачатку Другой сусветнай вайны, вызваленчы паход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну, гераічная барацьба савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

 

Дапаможнік пачынаецца з 1939 г., які прынёс не толькі трагічны пачатак Другой сусветнай вайны. Гэтая эпахальная мяжа з’явілася пачаткам новага жыцця для вялікай колькасці жыхароў заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх абласцей Савецкай дзяржавы, якія апынуліся ў свой час, пасля палітычных і ваенных падзей 20-х гг. ХХ ст., у іншай краіне. Іх барацьба за вызваленне ад нацыянальнага прыгнёту, жаданне пабудаваць ўласныя жыццё і гісторыю, у тым ліку і дзейнасць перыядычнага друку, заслугоўвае пільнай увагі.

 

У гады Вялікай Айчыннай вайны беларускі друк з’яўляўся летапісцам гераічнай барацьбы беларускага народа з фашызмам, пісаў аб подзвігах партызан і падпольшчыкаў, зверствах нацыстаў на нашай шматпакутнай зямлі. Акупанты прыкладалі неймаверныя намаганні, каб закрыць шляхі праўдзіваму слову газет да чытачоў. Але гэта не змагло спыніць выпуск перыядычных выданняў партызанскай рэспублікі на працягу ўсяго перыяду акупацыі – яны працягвалі падтрымліваць самую цесную сувязь кіраўніцтва Беларусі, якое знаходзілася ў савецкім тыле, з беларускім народам, інфармаваць суайчыннікаў аб сітуацыі на франтах і ў варожым тыле, выкрываць шматлікія авантуры акупацыйнай і калабаранцкай прэсы.

 

Dorozhenok cover1

 

Амаль усе раздзелы дапаможніка дапоўнены новымі звесткамі – аб дзейнасці друку ў Заходняй Беларусі з выкарыстаннем матэрыялаў, якія да нядаўняга часу захоўваліся ў архівах пад грыфам «сакрэтна», працы шэрагу падпольных і партызанскіх газет ва ўмовах акупацыі, якія выпускалі рэдактары-жанчыны, невядомымі фактамі аб выхадзе партызанскіх часопісаў, ідэйнай барацьбе падпольных выданняў з выданнямі калабарацыяністаў і антысавецкімі арганізацыямі кшталту СБМ, БКА, БНС, РВА і інш. З пазіцый сучаснага дня на аснове архіўных крыніц, сведчанняў відавочцаў, новых дакументаў і матэрыялаў аб розных аспектах гісторыі ваеннага часу аўтары прапануюць даследчыкам, навукоўцам, журналістам-практыкам працягваць настойліва ствараць аб’ектыўную карціну ваенных падзей, каб паставіць надзейны заслон нарастаючай дэзінфармацыйнай хвалі з Захаду, шматлікім спробам скажэння, фальсіфікацыі, перапісвання гісторыі Другой сусветнай вайны.

 

Дапаможнiк у хуткiм часе можна будзе набыць у магазiне «Універсітэцкая кніга» (пр. Незалежнасці, 4, галоўны корпус БДУ), ён з`явiцца таксама ў бiблiятэцы БДУ.

 

SDC014