Фотапраект уяўляе сабой рэдкія фотаздымкі ваеннай эпохі. Тут прасочваецца сувязь сучаснасці і мінулага, асабістага і гістарычнага. Гэта і ўспаміны Міхася Яўгенавіча пра ваенны час, і спроба паглядзець на сучасны свет вачыма чалавека, які бачыў смерць.

tikota75

 

 

tikk1

 

Плеяда беларускіх філолагаў ХХ стагоддзя заклала годны падмурак для развіцця айчыннага і славянскага мовазнаўства. Служачы навуцы, дбаючы пра роднае слова, вучоныя перадалі пакаленню сучасных лінгвістаў спадчыну, якая патрабуе сёння адмысловай працы, удумлівых крокаў па развіцці дасягнутага. Адзін з класікаў беларускага мовазнаўства – доктар філалагічных навук, прафесар, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, заслужаны журналіст Рэспублікі Беларусь, заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхась Яўгенавіч Цікоцкі.

Невычэрпная моц жыцця, натхненне, спагадлівае сэрца і сяброўскае стаўленне да людзей, дасведчанасць і высакародная інтэлігентнасць сышліся ў асобе прафесара – арыстакрата па навуковым духу і вытанчанага ў філалагічным гусце стыліста.

 

tikk2

 

Імя беларускага вучонага непарыўна звязана з гісторыяй нашай краіны. Асаблівы клопат М. Цікоцкага – родная мова. Відаць, вытокі любові да роднага слова можна знайсці ў сям’і. Бацька М. Цікоцкага – народны артыст СССР Яўген Карлавіч Цікоцкі, адзін з заснавальнікаў беларускіх оперы і сімфоніі, чые творы, напісаныя ў класічнай і рамантычнай манеры, маюць моцны ўплыў народных матываў. Сыну ж наканавана было стаць заснавальнікам айчыннай стылістыкі – навукі, вызначальнай у развіцці мовазнаўства ў ХХ стагоддзі.


Пад клапатлівым і дбайным вокам даследчыка пачала фарміравацца стылістыка публіцыстычных жанраў – сімбіёз філалагічнай навукі, у якой арганічна спалучыліся набыткі лінгвістыкі, літаратуразнаўства і журналістыкі. Сімвалічна, што аўтарам «Стылістыкі публіцыстычных жанраў» стаў прафесар Цікоцкі, кнігі, якая і сёння застаецца адзінай у сваім родзе. Яе ў свой час вывучалі нават у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце.

Фарміраваўся новы навуковы напрамак – стылістыка тэксту. І зноў прафесар Цікоцкі стаў першым на Беларусі: выдаў падручнік «Стылістыка тэксту», у якім увасобіў мару любога стыліста – з’яднаць у адно цэлае элементныя складнікі тэксту праз асобу яго стваральніка.

Любім, ганарымся, помнім...